У пачатку сакавіка менскі рэстаран-бровар «Друзья» прапанаваў сваім наведвальнікам новы гатунак – пад назвай «Статут 1529». Generation.by натхніўся нагодай, каб прыгадаць, якія яшчэ патрыятычныя назвы адзначыліся ў гісторыі беларускага піва.

-
«Няміга».
Мінскі піваварны завод «Беларусь» (цяпер піўзавод «Аліварыя»).


Спіс пачынаецца з гэтага піва, бо летапісная гісторыя Менску пачыналася менавіта на Нямізе. Раку і дадзены гатунак піва мы ўжо не можам убачыць, але цалкам верагодна, што некаторыя людзі ў апошняе дзесяцігоддзе 20-га стагоддзя пілі «Нямігу» на месцы, дзе Няміга ўпадае ў Свіслач. Так, у той час яшчэ можна было піць на вуліцы.
-
«Белорусское».
Брэсцкі камбінат безалкагольных напояў.

Ну як жа без піва «Белорусское». Пад такой назвай амаль кожны больш-менш буйны завод на пачатку 90-х выпускаў свой гатунак піва, але менавіта гэта варыяцыя этыкеткі асабліва цікавая, бо яно з пагонькай. Моцны аргумент, каб дадаць яго да нашага спісу.
-
«Тутэйшае».
Маладзечанскі піўзавод.

Маладзечанскі піўзавод, які дажывае свае апошнія тыдні-месяцы, з дня на дзень будзе зачынены. За сваю гісторыю гэты завод вырабіў шмат розных гатункаў піва, у тым ліку і «Тутэйшае», якое ў кагосьці можа асыцыявацца з творам Янкі Купалы, а для некаторых проста з нашым, з беларускім.
-
«Шляхецкае».
Гродзенскі піўзавод.

Піва «Шляхецкае» ад Гродзенскага піўзавода, ні бровара, ні самаго піва ўжо не існуе. У свой час дадзены піўны напой даваў магчымасць кожнаму беларусу хоць на нейкі момант адчуць сябе шляхтай. Праўда думаецца, што шляхта не піла такога піва, аб чым яна магла толькі шкадаваць.
-
«Князь Рагвалод».
Полацкі піўзавод.
«Князь Вітаўт»,
«Князь Гедымін».
Лідскі піўзавод.
«Князь Альгерд»
Віцебскі піўзавод.




Набор князёў ад розных піўзаводаў даволі разнастайны: і Гедымін, і Альгерд, і Вітаўт, нават першы полацкі князь Рагвалод ёсць. Вельмі вока рэжа «Ольгерд», але кажуць, што піўзаводы рабілі этыкеткі па-расейску, каб піва можна было ў Расію экспартаваць, пакінем гэты на сумленні Віцебскага піўзавода.
-
«Скарынаўскае».
Полацкі піўзавод.
Было б вельмі дзіўна, калі полацкія півавары на зварылі б піва «Скарынаўскае». А так атрымалася цудоўнае цёмнае піва шчыльнасцю 13% і каларыйнасць 43 ккал, бялку на 100 г. усяго 0.7 г, а вугляводаў 5.8 г. Галоўнае, каб людзі не забывалі спажыць да адзначанай даты. Гэтае цудоўнае піва разам са Скарынай засталіся ў нашай гісторыі.
-
«Граф Чапскі».
Мінскі піваварны завод «Беларусь» (цяпер піўзавод «Аліварыя»).

Гатунак «Граф Чапскі» выпускаўся менскім заводам з 1993 па 1999, некалькі апошніх год яго зноў пачалі вырабляць. Пры падрыхтоўцы «Чапскага» выкарыстоўваецца ядловец. Яно было названа ў гонар аднаго з ранейшых уладальнікаў завода – графа Карла Эмірыкавіча Гутэн-Чапскага, які быў у 1890—1901 гарадскім галавой ў Менску і ў 1894 адкрыў свой прыватны піваварны бровар «Богемия» (цяпер піўзавод «Аліварыя»).
-
«Батория».
Гродзенскі піўзавод.

Для Гародні кароль польскі і вялікі князь літоўскі Стэфан Баторый – даволі значная асоба. Пры Баторыі кожны трэці сойм праходзіў уГародні. У ВКЛ замест гаспадарскага суда як вышэйшай судовай інстанцыі былі зацверджаныя шляхецкія выбарныя трыбуналы. Сваю рэзідэнцыю Стэфан Баторый трымаў у Гародні, уСтарым замку, дзе і памёр. Таму нядзіўна, што такое піва выраблялася менавіта ў Гародні, ды і сам піўзавод стаяў пад сценамі Старога замку.
-
«Машэка».
Магілёўскі піўзавод.

Добра, што ў свой час нашы піўзаводы называлі піва ў гонар сваіх лакальных герояў, сапраўдных ці не. Вось Машэка – герой беларускага народнага падання, змагар супраць сацыяльнай несправядлівасці, высакародны разбойнік. Паводле падання, каля магілы забітага Машэкі ўзнік горад Магілёў, а потым ужо ў Магілёве ўзнікла піва «Машэка».
-
«Навагрудскае».
Навагрудскі піўзавод.

Лакальнае піва з рэгіянальнага піўзавода ў Наваградку. Піва «Навагрудскае» выраблялася на стыку стагоддзяў і было зусім слабым (2.8 % спірту), у адрозненне ад Навагрудскага замку, які ў XIV—XVI быў адным з самых магутных на беларускіх землях.
Выявы этыкетак з архіву сайта nubo.ru