Прытрымліваючыся прынцыпаў «clean label» («чыстая этыкетка») кампанія «Лідскае піва» удасканаліла склад сідру FIZZ. У абноўленай рэцэптуры сідру натуральнага браджэння не выкарыстоўваюцца араматызатары і зніжана колькасць цукру.

Як і раней, сідр FIZZ вырабляецца на аснове натуральнага яблычнага соку. Дзякуючы зменам у рэцэптуры сідр FIZZ набыў больш тонкія адценні смаку. Цяпер смакавая кампазіцыя меней інтэнсіўная, што адпавядае класічнаму сідру браджэння, пры гэтым у прадукце лёгка адгадваюцца натуральная саспелая садавіна - яблык, груша, вінаград.

За зменамі ў рэцэптуры рушылі ўслед заканамерныя змены ў назве прадукту - зараз на этыкетцы FIZZ адсутнічае слова «taste» («смак»), паколькі смакавыя характарыстыкі кожнага з гатункаў дасягаюцца за кошт дадання да ферментаванага яблычнага соку чыстых натуральных інгрэдыентаў (іншых фруктовых сокаў і экстрактаў).

«Наша кампанія зацікаўлена не толькі ў пашырэнні асартыменту, але і ва ўдасканаленні існуючага прадуктовага партфеля. Мы паставілі для сябе досыць высокую планку - бескампрамісная якасць прадукцыі - і робім усё, каб адпавядаць чаканням спажыўцоў, - адзначае дырэктар па маркетынгу ААТ «Лідскае піва» Ірына Капілава. - Ужыванне стандартаў «сlean label» да рэцэптуры сідру FIZZ - заканамерны вынік, над якім доўгі час працавала ўся каманда "Лідскага піва". Новая рэцэптура выкарыстоўваецца з пачатку 2017 года для ўсіх традыцыйных гатункаў сідру FIZZ - яблычнага, вінаграднага і грушавага».