ААТ «Лідскае піва» ў сваёй афіцыйнай суполцы ў Facebook (https://www.facebook.com/lidskae/)  запусціла чат-бота, які правядзе экскурсію па знакавых і цікавых месцах горада Ліды, у тым ліку – па лідскім бровары. Бот даступны для карыстальнікаў дэсктопнай версіі Facebook, на мабільных прыладах – праз  прыкладанне Facebook Messenger.

Захаванне гістарычнай спадчыны Беларусі і традыцый броварства – адны з галоўных напрамкаў карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці ААТ «Лідскае піва». У 2013 годзе была выдадзена кніга «Гісторыя лідскага бровара: з 1876 па 2012 гады», першае выданне якой прысвечана гісторыі станаўлення і развіцця броварства ў Лідзе (зараз рыхтуецца другое выданне). Менавіта яна і стала крыніцай «ведаў» бота-экскурсавода, які склаў займальны маршрут па горадзе і правядзе па ім кожнага зацікаўленага чытача.

Карыстальнікі Facebook змогуць кіраваць маршрутам, размаўляючы з ботам: такім чынам, для кожнага экcкурсія будзе асабістай. Але ўся яна складаецца з унікальных гістарычных фактаў, якія раскрываюць таямніцы горада і легендарныя падзеі ў жыцці «Лідскага піва» – старэйшага з дзеючых у Беларусі піўзаводаў.

Напрыклад, чат-бот пакажа піўныя этыкеткі, якім больш за сто год. Раскажа, як, дзякуючы бровару, у горадзе з’явілася першая тэлефонная лінія, і колькі тады жыло сямей з прозвішчам Пупко (прозвішча заснавальніка бровара).

Як і бровар, чат-бот размаўляе на беларускай мове і можа бясконца расказваць пра Ліду. Але лепш пабачыць усё на свае вочы, таму лагічным працягам віртуальнай прагулкі з чат-ботам стане рэальная экскурсія – напрыканцы размовы бот-памочнік прапануе запісацца на рэальную экскурсію па «Лідскаму піву».