У бліжэйшы час у Беларусі з’явіцца ўласны музей піва. Ён будзе створаны на базе піўзавода “Аліварыя”.

Па словах намесніцы генеральнага дырэктара па маркетынгу Надзеі Дзешкавец, такім чынам “Аліварыя” паспрабуе падвысіць культуру спажывання піва ў краіне ў цэлым.

- Мы адкрыем музей, мэтамі якога будзе выхаванне культуры спажвання піва. І не толькі піва “Аліварыі”, але і піва ў цэлым. Па-першые, мы сабралі многа архіўных дакументаў, таму што гісторыя “Аліварыі” налічвае 150 гадоў, таму нам ёсць чым падзяліцца. Па-другое, мы хацелі б праводзіць розныя навучальныя семінары для розных аўдыторыяў, напрыклад, журналістаў. Распавесці, што такое піва, якая яго гісторыя, як яно вырабляецца. Таму можна сказаць: тры мэты – першая, гэта гістарычная; другая – культурна-выхаваўчая; трэцяя – азнаямленне людзей з сусветнай практыкай вытворчасці піва.

У планах піўзавода таксама правядзенне адукацыйных семінараў для бармэнаў, рэстаратараў і прадаўцоў крам. Пакуль прадстаўнікі “Аліварыі” не хочуць паведамляць, калі піўны музей расчыніць дзверы для наведнікаў.

Радыё Рацыя